Палац Рэспублікі, які ўваходзіць у Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі, закупляе дзевяць ноўтбукаў. Як мінімум два з іх — Apple. Улічваючы, што ЗША забаранілі пастаўкі тэхнікі ў нашую краіну, выходзіць, што структура набывае ноўтбукі, завезеныя па «шэрых» схемах.

Палац Рэспублікі размясціў заяўку на закупку дзевяці ноўтбукаў. Агульная сума, якую гатовыя на іх выдаткаваць, — 117 186 рублёў. Пры гэтым заяўка падзеленая на 2 лоты. Першы — два лэптопы агульным коштам 26 805 рублёў. Атрымліваецца, што каля 13 402,5 кожны. Другі лот — 7 адзінак тэхнікі, дзе сярэдняя цана кожнай — 12 911 рублёў. Крыніца фінансавання — бюджэтныя сродкі.
Як вынікае з заяўкі, два ноўтбукі, якія хочуць закупіць, — Apple M4 Max і Apple M4 Pro.

Рынкавыя прапановы гэтых дзвюх мадэляў пачынаюцца ад 12 500 і 11 990 рублёў.
Па другім лоце дакладны вытворца тэхнікі не пазначаны. Аднак там прапісаныя характарыстыкі: экран 16 дзюймаў, аб’ём аператыўнай памяці, не меншы за 64 Гб, разрозненне матрыцы экрана — не горшае за 4К і іншыя. На рынку ёсць як мінімум адна з мадэляў, якая падыходзіць пад апісанне. Гэта MSI Raider 18. У розніцу цэны на яго пачынаюцца ад 14 964 рублёў.
Гэта ўжо другая спроба набыць тэхніку. Першы аўкцыён прайшоў у канцы ліпеня — пачатку жніўня і не адбыўся.
Нагадаем, праз вайну ва Украіне ў сакавіку мінулага года імпарт новых прылад кампаніі Apple у Беларусь быў часова абмежаваны. У 2023 годзе ЗША забаранілі пастаўляць на наш рынак некаторыя віды тэхнікі — сярод іх смартфоны, даражэйшыя за 300 даляраў, то-бок практычна ўся прадукцыя Apple. Аднак у Беларусі легалізавалі паралельны імпарт — увоз у краіну тавараў без дазволу праваўладальніка.
У Беларусі, як сцвярджаецца, выпускаюць свой ноўтбук, вельмі падобны да Lenovo IdeaPad 3. Вырабляе яго «Гарызонт», а рэкламаваў гэтую тэхніку асабіста Аляксандр Лукашэнка. Прычым на прадпрыемстве заяўлялі, што ноўтбукі ўжо пастаўляюцца ў 18 краін. У красавіку адзін з такіх лэптопаў падаравалі прэзідэнту Зімбабвэ Эмерсану Мнангагве.
Чытайце таксама