Навуковец-хімік Сяргей Бесараб выклаў у адкрыты доступ фатаграфіі з пратэстаў 2020 года з польскай кнігі Marsz Białorusi, па якой сілавікі затрымліваюць беларусаў. Здымкі ён апублікаваў у Facebook.

«Прагледзьце іх уважліва. Калі недзе знайшлі сябе, сваіх блізкіх, сяброў, знаёмых, ведайце, вы ў сур’ёзнай небяспецы. Зрабіце ўсё магчымае, каб засцерагчы сябе, папярэдзьце людзей, якіх вы змаглі пазнаць», — напісаў Бесараб.
Нагадаем, раней стала вядома, што ўдзельнікаў пратэстаў шукаюць па польскай кнізе фотаздымкаў Marsz Białorusi. Sierpień-grudzień 2020.
Кніга была выдадзеная ў Варшаве ў 2021 годзе. Гэта калектыўная праца, аўтар якой — Цэнтр KARTA. Рэдакцыяй і падрыхтоўкай тэксту займалася Эдыта Банашкевіч.
«Пасля 26 гадоў кіравання Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі, у выніку фальсіфікацыі выбараў, адбылося магутнае абуджэнне ўсяго грамадства. Беларусы раптам узніклі ў вачах еўрапейцаў як народ, які глыбока ўсведамляе сваю годнасць, ідэнтычнасць і неабходнасць перамен. Наш шматгалосы аповед, запісаны ў рэальным часе, паказвае эпоху пераменаў і шлях да станаўлення вольнага, незалежнага народа», — гаворыцца ў анатацыі кнігі.