Сёння — 40 дзён, як з намі няма выбітнага журналіста Мікіты Мелказёрава. Выданне «Трыбуна» да гэтай сумнай даты апублікавала ліст яго сябра — былога палітзняволенага Аляксандра Івуліна. Мы публікуем гэты тэкст цалкам.
Здарова, Мікітосік!
Раней гэтымі словамі пачынаў нашы сазвоны — цяпер так пачынаюцца мае візіты да цябе на могілках. У дзяцінстве дзівіўся, чаму мама заўсёды ўслых віталася з помнікам бабулі, калі мы хадзілі да яе на Радаўніцу.
Цяпер зразумеў.
На могілках балбачу толькі я — карацей, усё як на нашых штотыднёвых сазвонах. Ты ўмеў слухаць не толькі для эфіру. «А яшчэ што здарылася?» — толькі даўшы выгаварыцца іншаму, ты пачынаў гаварыць сам, час ад часу перарываючыся на вокрык: «Фуджык, б####ь!». Мы любілі балбатаць, адначасова выводзячы гуляць сабак у розных частках Варшавы. З 21 снежня ты працуеш толькі на прыём.
Ну, лаві тое, што прапусціў.
***
Мікітосічак, праз цябе прыйшлося аднавіць старонку ў VK. Ты б дакладна не ўхваліў, але соры. Проста менавіта «УКантакце» памятае ўсё. Там архіў нашых перапісак з часоў, калі Дураў толькі прыдумляў Telegram, а больш зручных месенджараў яшчэ не вынайшлі. Прыкінь, якія мы старыя :).
Ты, напэўна, прызабыў, але нагадаю. 9 красавіка 2012-га я, першакурснік БДУ, правёў першы матч за зборную Інстытута журналістыкі па футболе. Ты тады дамучваў вучобу на завочцы. У той дзень ты прыйшоў на «Універсітэцкі» ў статусе легенды факультэта і ўзыходзячай зоркі спартыўнай журналістыкі. Я зачытваўся тваімі інтэрв'ю на Goals.by, дзе ты руліў футбольным аддзелам.
Я быў апорным паўабаронцам, а ты страхаваў мяне ў абароне — і ў нейкі момант згуляў нечакана хрэнава. Наўрад ці б хтосьці з партнёраў з большым стажам дадумаўся выгаворваць табе за гэта, але для маёй непасрэднасці на полі, як і ў лазні, усе роўныя. Памятаеш, як я прад’явіў прэтэнзіі, а праз пару секунд ты жорсткім ровам адправіў мяне па вядомым адрасе?
Але гуляць і падказваць не кінуў. Нават рэспектнуў пасля матча. Пачуўшы пару прыемных, я ляцеў у сваю здымную кватэру на Ангарскай з адной думкай: «Трэба хутчэй падлучыць трыджык да ноўта і дадаць Мікіту ў сябры! Калі пашанцуе, то папрашуся на стажыроўку ў Goals.by».
Аднак у сябры ты пастукаўся першым. Тады ўпершыню здзівіўся, як тонка ты ўмееш адчуваць людзей.

За апошнія 40 дзён людзі напісалі пра цябе столькі добрага! Табе было б прыемна, хоць ты і любіў бубніць, што не любіш людзей. Фірмовае какецтва хавала за брутальнай знешнасцю тваю «ўнутраную прынцэсу».

Пра «прынцэсу» мала хто ведаў, як і пра тое, як моцна ты перажываеш праз усё, што тычыцца тваёй справы. Яшчэ менш людзей бачылі твае слёзы, хоць кола тваіх знаёмстваў было вельмі шырокім. Ты ўсур’ёз рыдаў, калі глядзеў мультык «Клаўс». Мае сябры, якія дасталіся табе ў арэнду на час маёй пасадкі, бачылі, як цябе расчуліла навагодняе віншаванне Ціханоўскай з 2022-м. А памятаеш, што было 16 жніўня? Я таксама, бывае, плачу, але пра гэта ніжэй.
Банальна, Мікітосік, але ў кожнага быў свой Мелказёраў. Гэта чувак, які піша калонкі на Onliner, і сябар, той самы барадач з YouTube і муж, прыклад беларушчыны і сын, хэдлайнер Tribuna.com і асветнік, калега і фанат Netflix, настаўнік і аматар татуіровак, гістарычны персанаж і амбасадар кроксаў, для кагосьці проста кумір. Ты быў чалавекам такога маштабу, такіх спагады і эмпатыі, што кожны, хто хоць крыху з табой перасекся, пасля 21 снежня знайшоў што пра цябе сказаць і што ўспомніць.
***
Мы тут, як можам, трымаемся і спрабуем бараніць адзін аднаго. У гэтым табе не было роўных. Ты ўмеў адстойваць свае прынцыпы і сваіх людзей.

Памятаеш, як у мінулым жыцці мы ўдзельнічалі ў футбольным турніры да дня нараджэння «Беларусь 5»? Тады Іван Эйсмант толькі ўзначаліў Белтэлерадыёкампанію. Прыкінь, гэта было ў 2014-м!
Мы секліся з іх камандай, а ты папрасіў дзейнічаць з Эйсмантам персанальна. Я прыклеіўся, не адпускаў ні на крок. Гуляў жорстка, але па правілах: мяч да яго — а я ўжо побач. Эйсмант, які рэальна здорава ўмеў у футбол на аматарскім узроўні, мог пасаваць толькі назад. Пасля чарговага прыхопу ён завішчаў: каравул, гуляюць не па правілах. Ха, ішоў 2014-ы, і для рэжымнага тэлебачання яшчэ існавалі нейкія правілы. Вось толькі суддзя парушэнняў не фіксаваў — тады мой «падапечны» задумаў самасуд.
Пасля пары слоў, якія і сёння наўрад ці пусцяць у эфір БТ, Эйсмант штурхнуў мяне ў грудзі — я адказаў. Наспявала заварушка, але тут незразумела адкуль вылецеў ты, Мікітосік, і на хуткасці электрычкі бізнес-класа выдаў такі хіт, што муж прэс-сакратаркі Лукашэнкі адляцеў на пару метраў.
Было эпічна! Кажуць, ты неяк паўтарыў падобны нумар на журналісцкім турніры ў Друскінінкаі. Там таксама крыўдзілі кагосьці з нашых, і ты не застаўся ўбаку. Ну хто б сумняваўся.
***
Так, чамусьці гэты турнір для цябе быў асабліва важным. Ты пачынаў задзёўбваць калег, якія хоць неяк трапляюць па мячы, ужо за некалькі месяцаў да старту. Пару гадоў таму нават дадаў у спіс асабістых ворагаў маю жанчыну. Ну, а што яна хацела? Узяла і падарыла мне на дзень нараджэння квіткі на матч «Рэал» — «Атлетыка», зачапіўшы святыя даты.
Летась здарыўся першы і, здаецца, апошні мой Друскінінкай. Згулялі мы паршыва. Ты заводзіўся, таму што не ўмееш прайграваць. Мне даводзілася цябе тушыць, што, на здзіўленне, атрымлівалася.
Аднак у тую паездку мяне больш здзівіла іншае. Мы жылі ў адным нумары, і ты паказаў, для чаго існуюць вешалкі. Усё было настолькі па палічках, што я шчыра афігеў. І такі ж падыход у цябе быў да мацоўні, чытання і падрыхтоўкі да інтэрв'ю.
Шкада, мы больш не згуляем у адной камандзе. Апошні раз бегалі позняй восенню 2024-га. Ох, як жа хацелася даць табе ляшча, калі пасля чарговага надрыву маіх «крыжоў» ты гыгыкаў, што бачыў апошні матч у кар’еры Івуліна. Фіг табе, Мікітосік, не апошні! Я ўжо было сабраўся з канцамі пераключыцца на падэл-тэніс, але зараз давядзецца ўмацоўваць калена, каб сёлета згуляць на «Кубку Мікіты Мелказёрава».
Дзякуй, што забраў мой «Кубак Івуліна». Думаю, так будзе правільна.
***
Мікітосік, калега па Goals.by нядаўна напісаў: «Здаецца, ты быў асабістым праектам Мікіты».

Складана спрачацца. У жыцці ні ад каго не атрымліваў такога мікса са сцёбу і клопату. Толькі цяпер разумею, колькі сіл і нерваў табе каштавалі вычыткі маіх першых матэрыялаў.

Спадзяюся, ты не моцна варочаўся, калі я стукаў па клавішах, набіраючы гэты тэкст. Тым больш ты любіў паўтараць, што перамагае той, хто змагаецца за сваю праўду, як бы ні было цяжка і якім бы ні быў вынік.

Спадзяюся, твой праект на нейкім этапе атрымаўся не самым кепскім. Як мінімум да яго «афармлення» стала менш пытанняў. Я пачынаў, калі піскам моды ў айчыннай спартыўнай журналістыцы былі невыразныя майкі і дзіўныя світары, а ты заўсёды выглядаў шыкоўна.
Пачуццё стылю — тое, што цябе вылучала. Памятаеш, як у 2020-м ты прымудрыўся трапіць пад машыну? Не пад абы-якую, а пад Maserati! Нават тут трымаў марку. Мяне б у найлепшым выпадку збілі «Жыгулі». Або ўсё ж дарос да BMW — як думаеш?
Ты заўсёды хацеў прагрэсу. Прагрэсіраваў сам і патрабаваў, каб да гэтага імкнуліся іншыя.

Ты любіў паўтараць, што галоўнае ўражанне фарміруюць дэталі, і быў да іх суперуважлівы.

Уяўляю, у якім бы ты быў шоку, калі б бачыў, што я дапамагаю Ліне падбіраць твой апошні лук. На мой густ, атрымалася годна. Вось сур’ёзна, нават у труне ты быў на стылі. Пад тваёй улюбёнай джынсавай кашуляй была белая футболка з партрэтам Караткевіча. Я быў у такой жа, але чорнай.

Ну і яшчэ крыху Оршы ў тваім жыцці. Ты так і не дачытаў «Каласы пад сярпом тваім». У апошні час скардзіўся, што працы шмат, а часу мала. Такая яна, эміграцыя: хочаш добра жыць — будзь гатовы шмат працаваць. У нашым выпадку менавіта працаваць, а не халтурыць.
На адной з тваіх татуіровак ёсць фраза «Decus in Labore». Ты набіў яе пасля таго, як пабываў у кнігарні Lello ў Порту. Там на вітражы прысутнічае гэты ж надпіс, які перакладаецца з латыні як «Годнасць у працы». Кажуць, Lello натхнялася і Джаан Роўлінг, калі прыдумляла Гары Потэра.
Рабяты з каманды «жизнь-малина» (прабач, пакуль так і не знайшоў сіл паглядзець апошні выпуск) кажуць, што ты сам сабе паставіў помнік. Сваёй працай. Цяпер дастаткова часу на адпачынак. Калі што — паклаў табе «ссабойку». «Каласы». Кніга патанула ў кветках, што прынеслі табе на развітанне сотні беларусаў. Пры нагодзе спытай там у майго земляка, ці была другая частка.
***
Мікітосік, дапісваю тэкст, і мне самому цяжка стрымліваць слёзы — шкада, не ад кіно і не ад мультыка. Ужо стаўшы дарослым, упершыню я плакаў восенню 2015-га праз цябе. Ого, 10 гадоў прайшло!
Тады на рэдакцыйную пошту прыйшоў ліст, у якім ты падзякаваў усім за працу і паведаміў пра трансфер на Onliner. Было балюча. Прыкладна тады мы пачалі не толькі размаўляць па працы, але і паціху станавіцца сябрамі.
Ты ніколі не называў мяне «сябар», таму што не мог прыняць, што малы пасталеў. Але я да гэтага часу памятаю, як 10 гадоў таму выбег з рэдакцыі, каб ніхто не бачыў, прарыдаўся. А потым ты прыйшоў і сказаў нешта ў стылі: «Не сцы, малы. Жыві гэтае жыццё, усё будзе нармальна».
Нешта будзе, гэта праўда, але будзе па-іншаму. Мая псіхолаг кажа, што Мікіта заўжды будзе са мной, з намі. Так, менавіта так.
Пасля твайго сыходу са зборнай журфака мне дасталіся твае капітанская павязка і 21-ы нумар. Дэталі, але, блін, ты вырашыў канчаткова пайсці 21.12. Як ні круці, усюды дваццаць адзін. Стыль.

Пасля твайго сыходу з «Трыбуны» мне дасталася вакантная роля топ-фэйса. І разуменне, што незаменных няма — ёсць непаўторныя.

Пасля твайго сыходу 21.12. мне дасталася пустата ў грудзях. Бонусам — новая футболка Carhartt, якая прыйшла табе 20 снежня. Надзець яе ты не паспеў.
Але самае галоўнае: мне, як і тысячам беларусаў, дастаўся твой беларускі космас, які табе ўдалося стварыць. І вось гэтае пажаданне са жніўня 2020-га.
Мікітосік, будзем я####ць далей. Шкада, што без цябе, але зараз — і за цябе.

І будзем беларусець разам.
Загляне сонца!
P. S. Адпачывай і перадавай (далей не памылка, а аўтарскі знак прыпынку!) прывітанне, Уладзіміру Сямёнавічу.




